Рым 9
1 Праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
2 што вялікі смутак мой і няспынны боль у сэрцы маім,
3 бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,
4 якія ёсьць Ізраільцяне, якіх ёсьць усынаўленьне, і слава, і запаветы, і даньне законаў, і служэньне, і абяцаньні,
5 якіх і бацькі, і з якіх Хрыстос паводле цела, Які ёсьць над усімі Бог, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн.
6 Але ня так, што слова Божае ня споўнілася. Бо ня ўсе тыя, што з Ізраіля, Ізраіль,
7 і ня ўсе тыя, якія насеньне Абрагама, дзеці [ягоныя], але: «У Ісааку будзе названае насеньне табе».
8 Гэта значыць, ня дзеці цела ёсьць дзеці Божыя, але дзеці абяцаньня лічацца за насеньне.
9 Бо слова абяцаньня гэткае: «У гэту пару прыйду, і ў Сары будзе сын».
10 І ня толькі, але і Рэбэка зачала за адзін раз ад Ісаака, бацькі нашага.
11 Бо калі яны яшчэ не былі нарадзіўшыся і не зрабілі нічога добрага ці ліхога, каб вызначэньне Божае заставалася паводле выбраньня, не праз учынкі, але праз Таго, Хто кліча,
12 сказана было ёй: «Большы будзе служыць меншаму»,
13 як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава зьненавідзеў».
14 Дык што скажам? Няўжо няправеднасьць у Бога? Няхай ня станецца!
15 Бо Ён кажа Майсею: «Зьлітуюся над тым, над кім зьлітуюся, і зьяўлю міласэрнасьць таму, каму зьяўлю міласэрнасьць».
16 Дзеля гэтага не ад таго, хто хоча, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, Які літуецца.
17 Бо Пісаньне кажа фараону: «Дзеля таго Я падняў цябе, каб зьявіць на табе сілу Маю і каб імя Маё было абвешчана на ўсёй зямлі».
18 Дзеля гэтага над кім хоча, літуецца, а каго хоча, закамяняе.
19 Дык ты скажаш мне: «Што Ён яшчэ вінаваціць? Бо хто супрацьстане пастанове Яго?»
20 Наадварот, чалавеча! Хто ты такі, што спрачаешся з Богам? Ці скажа злепленае таму, хто зьляпіў: «Навошта ты мяне гэтак зрабіў?»
21 Ці ня мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адно начыньне на пашану, а другое — на ганьбу?
22 Што, калі Бог, хочучы зьявіць гнеў і зрабіць вядомай магутнасьць Сваю, з вялікай доўгацярплівасьцю ашчаджаў начыньні гневу, прыгатаваныя на загубу,
23 каб таксама зрабіць вядомым багацьце славы Сваёй над начыньнямі міласэрнасьці, якія Ён загадзя прыгатаваў на славу,
24 і над намі, якіх паклікаў ня толькі з Юдэяў, але і з паганаў?
25 Як і ў Осіі Ён кажа: «Ня Мой народ назаву Маім народам, і нялюбую — улюбёнай.
26 І будзе, што на месцы, дзе сказана было ім: “Вы — ня Мой народ”, — там будуць названыя сынамі Бога Жывога».
27 А Ісая крычыць пра Ізраіль: «Хаця б лічба сыноў Ізраіля была, як пясок марскі, рэштка будзе збаўлена;
28 бо, сканчваючы слова і прысьпешваючы ў праведнасьці, хутка зьдзейсьніць Госпад слова на зямлі».
29 І як раней сказаў Ісая: «Калі б Госпад Магуцьцяў не пакінуў нам насеньня, мы сталіся б, як Садом, і былі б падобнымі да Гаморы».
30 Дык што скажам? Пагане, якія не імкнуліся да праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць праз веру.
31 А Ізраіль, які імкнуўся да закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці.
32 Чаму? Бо не праз веру, але праз учынкі закону. Бо яны спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
33 як напісана: «Вось, Я кладу на Сыёне камень спатыкненьня і камень згаршэньня; і кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».