Пс 10
1 Чаму стаіш здалёк, ГОСПАДЗЕ, хаваешся ў часе трывогі?
2 Бязбожнік у пыхлівасьці сваёй перасьледуе ўбогага; няхай будзе ён схоплены ў зламыснасьці, якую надумаў.
3 Бо хваліцца бязбожнік у пажаданьнях душы сваёй, і дабраслаўляе хціўца, і грэбуе ГОСПАДАМ.
4 Бязбожнік у ганарыстасьці гневу свайго не шукае [Бога]. “Няма Бога!” — усе думкі ў яго.
5 Шляхі ягоныя пасьпяховыя ва ўсякі час; суды Твае высока аддалёныя ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх [грэбліва] дзьмухае ён.
6 Ён гаворыць у сэрцы сваім: “Я не пахіснуся, з пакаленьня ў пакаленьне ліха ня будзе [ў мяне]”.
7 Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, ашуканства і здрады; пад языком у яго — ліхота і злачынства.
8 Ён сядзіць у засадзе на загуменьнях, у таемным месцы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым,
9 ён пільнуе ў засадзе, быццам леў у схове сваім; пільнуе, каб схапіць убогага; хапае ўбогага, уцягваючы яго ў сваю сетку;
10 ён згінаецца, туліцца [да зямлі], і ад моцы ягонае гіне шмат нешчасьлівых.
11 Ён кажа ў сэрцы сваім: “Бог забыўся, схаваў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!”
12 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся пра ўцісканых!
13 Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: “Ты ня будзеш шукаць [гэтага]”?
14 Але Ты бачыш, Ты глядзіш на ліхоту і гора, каб даць [аднагароду] рукою Сваёю. Табе пакідае [свой лёс] нешчасьлівы; Ты быў дапамогай сіраце.
15 Зламай рамяно бязбожніку і ліхотніку, шукай беззаконьне ягонае, каб больш яго было нельга знайсьці.
16 ГОСПАД — Валадар на вякі вечныя; пагане счэзнуць з зямлі Ягонай.
17 Ты пачуў жаданьне ўцісканых, ГОСПАДЗЕ! Ты ўмацуеш сэрцы іхнія, Ты прыхіліш вуха Тваё,
18 каб даць суд сіраце і пакрыўджанаму, каб больш не палохаў іх чалавек на зямлі!