Бц 44
1 I загадаў Язэп загадчыку дому свайго, кажучы: “Напоўні мяхі гэтых мужоў харчамі, колькі яны могуць несьці, і палажы срэбра кожнага ў адтуліну мяха ягонага;
2 А келіх мой, келіх срэбны, палажы ў адтуліну мяха наймалодшага, і срэбра за збожжа ягонае”. I ён зрабіў паводле слова Язэпа, якое той сказаў.
3 Раніцаю разьвіднела, і гэтых мужоў выправілі, іх і аслоў іхніх.
4 Яны выйшлі з гораду, не адыйшлі далёка, і Язэп сказаў загадчыку дому свайго: “Устань, ганіся за тымі людзьмі, і дагоніш іх, і скажаш ім: ‘Чаму вы адплацілі ліхам за дабро?
5 Ці ж ня гэта той келіх, з якога п’е пан мой, і прадказваючы, прадказвае на ім? Ліха вы ўчынілі, гэтак зрабіўшы’ ”.
6 І ён дагнаў іх і прамовіў ім гэтыя словы.
7 А яны сказалі: “Навошта пане мой кажа такія словы? Далёкія слугі твае, каб ўчыніць гэткія рэчы.
8 Тое срэбра, якое мы знайшлі ў адтулінах мяхоў сваіх, мы зьвярнулі табе з зямлі Ханаан. Як жа мелі мы красьці з дому гаспадара твайго срэбра альбо золата?
9 У каго са слугаў тваіх будзе знойдзена гэта, той няхай памрэ, а мы таксама станем нявольнікамі пана майго”.
10 І ён сказаў: “Дык цяпер няхай будзе паводле словаў вашых. У каго будзе знойдзена гэта, той стане мне нявольнікам, а вы будзеце нявінныя”.
11 І яны пасьпяшаліся, і зьнялі кожны мех свой на зямлю, і разьвязалі кожны мех свой.
12 А ён шукаў, пачаў ад найстарэйшага і скончыў наймалодшым; і знайшоў келіх ў мяху Бэн’яміна.
13 I разарвалі яны адзеньні свае, і ўсклалі [мяхі] кожны на асла свайго, і вярнуліся ў горад.
14 I прыйшлі Юда і браты ягоныя ў дом Язэпа, і ён яшчэ быў там, і ўпалі перад абліччам яго на зямлю.
15 I сказаў ім Язэп: “Што за ўчынак гэта вы ўчынілі? Ці ж вы ня ведалі, што, прадказваючы, прадказвае такі чалавек, як я?”
16 I сказаў Юда: “Што нам сказаць, пане мой? Што нам гаварыць і як нам апраўдвацца? Бог знайшоў правіну слугаў тваіх. Вось, мы — нявольнікі пана майго, і мы, і той, у чыіх руках быў знойдзены келіх”.
17 I сказаў [Язэп]: “Далёка ад мяне, каб я ўчыніў гэта. Той чалавек, у руках якога знойдзены келіх, ён будзе маім нявольнікам, а вы ўзыходзьце ў супакою да бацькі свайго”.
18 I наблізіўся да яго Юда, і сказаў: “Паслухай, пане мой, няхай скажа, прашу, слуга твой слова ў вушы пана свайго, і няхай не распальваецца гнеў твой на слугу твайго, бо ты — як сам фараон.
19 Пан мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: ‘Ці ёсьць у вас бацька альбо брат?’
20 І мы сказалі пану нашаму: ‘Ёсьць у нас бацька стары і дзіця старасьці [ягонае] малое, а брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся па маці сваёй, і бацька ягоны любіць яго’.
21 I ты сказаў слугам тваім: ‘Прывядзіце яго да мяне, і я зьвярну вока маё на яго’.
22 І мы сказалі пану майму: ‘Ня можа хлопец пакінуць бацьку свайго; і калі ён пакіне бацьку свайго, дык той памрэ’.
23 I сказаў ты слугам тваім: ‘Калі ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, не дазволю вам больш бачыць аблічча маё’.
24 I сталася, што мы ўзыйшлі да слугі твайго, бацькі майго, і пераказалі яму словы пана майго.
25 I сказаў бацька наш: ‘Вярніцеся, купіце нам трохі харчаваньня’.
26 I мы сказалі: ‘Ня можам зыйсьці. Калі будзе з намі брат наш наймалодшы, мы зыйдзем, бо ня зможам убачыць аблічча таго чалавека, калі брата нашага наймалодшага ня будзе з намі’.
27 I сказаў нам слуга твой, бацька наш: ‘Вы ведаеце, што двух нарадзіла мне жонка мая.
28 I адыйшоў адзін ад мяне, і я сказаў: ‘Напэўна, ён разьдзёрты [дзікім зьверам]’, і я ня бачыў яго дагэтуль.
29 І возьмеце таксама гэтага ад аблічча майго, і здарыцца з ім няшчасьце, і завядзіцё вы сівізну маю у горы ў апраметную’.
30 І цяпер, як я прыйду да слугі тваго, бацькі майго, і хлопца няма з намі, а душа ягоная прывязана да душы ягонай.
31 I станецца, што ён убачыць, што няма хлапца, і памрэ, і зьвядуць слугі твае сівізну слугі твайго, бацькі нашага, са смуткам у апраметную.
32 Бо слуга твой паручыўся за хлопца перад бацькам ім, кажучы: ‘Калі не прывяду яго да цябе, буду грэшны перад бацькам сваім на ўсе дні’.
33 I цяпер, прашу, няхай застанецца слуга твой замест хлопца нявольнікам пана майго, а хлопец няхай пойдзе з братамі сваімі.
34 Бо як я прыйду да бацькі майго, а хлопца ня будзе са мною? Няхай ня ўбачу я ліха, якое спаткае бацька мой”.