2 Цім 3
1 Ведай жа тое, што ў апошнія дні надыйдуць злыя часы.
2 Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбцы, пыхліўцы, ганарыстыя, блюзьнеры, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, нячыстыя, бязьлітасныя,
3 няўмольныя, паклёпнікі, неапанаваныя, жорсткія, ненавісьнікі таго, што добрае,
4 здраднікі, неразважныя, фанабэрыстыя, якія больш любяць асалоду, чым Бога,
5 якія маюць выгляд пабожнасьці, а сілы яе адракліся. Ад гэтакіх адварочвайся.
6 Бо з гэтакіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і палоняць жанчынак, абцяжараных грахамі, якіх водзяць розныя пажадлівасьці,
7 якія заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.
8 Як Яннэс і Ямбрэс супрацьстаялі Майсею, гэтак і яны супрацьстаяць праўдзе, людзі з папсаваным розумам, няздатныя ў веры.
9 Але яны ня шмат будуць узрастаць, бо шаленства іхняе выкрыецца перад усімі, як гэта і сталася з тымі.
10 А ты пайшоў сьледам за мною ў навучаньні, ладзе жыцьця, намерах, веры, доўгацярплівасьці, любові, непахіснасьці,
11 перасьледваньнях, пакутах, якія здарыліся са мною ў Антыёхіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьледваньні я перанёс, і з усіх выбавіў мяне Госпад.
12 Дый усе, якія хочуць жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, перасьледаваны будуць.
13 А злыя людзі і ашуканцы будуць узрастаць у зьле, падманваючы [іншых] і падманваючы сябе.
14 А ты заставайся ў тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, праз каго ты навучаны;
15 і што ты з дзяцінства ведаеш Сьвятое Пісаньне, якое можа зрабіць цябе мудрым на збаўленьне праз веру, што ў Хрысьце Ісусе.
16 Усё Пісаньне натхнёнае Богам і карыснае дзеля навучаньня, дзеля дакараньня, дзеля выпраўленьня, дзеля дысцыплінаваньня ў праведнасьці,
17 каб дасканалым быў чалавек Божы, да ўсякае добрае справы гатовым.