Пс 3
1 Псальма Давіда, калі ён уцякаў ад Авэсалома, сына свайго.
2 Госпадзе! - як пабольшала ворагаў маіх! як многа іх на мяне паўстае!
3 Шмат каторыя кажуць душы маёй: «Няма яму ў Богу ратунку!»
4 Але Ты, Госпадзе, - шчыт перада мною, слава мая, і Ты ўзносіш маю галаву.
5 Сваім голасам клічу да Госпада, - і Ён чуе мяне са сьвятое гары Свае.
6 Кладуся я, сплю і ўстаю, бо Гасподзь абараняе мяне.
7 І не збаюся я процьмы людзей, што адусюль аблажылі мяне.
8 Паўстань, Госпадзе! ацалі мяне, Божа мой! бо Ты б'еш маіх ворагаў па шчацэ, зубы грэшнікам крышыш.
9 Ратунак у Госпадзе. Над народам Тваім дабраслаўленьне Тваё.