Пс 32
1 Псальма Давідава.
Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць!
2 Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры;
3 новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем,
4 бо слова Гасподняе - шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя.
5 Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца.
6 Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных - усе сілы нябесныя.
7 Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах.
8 Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце,
9 бо сказаў Ён - і сталася; Ён загадаў - і зьявілася.
10 Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў.
11 А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага - з роду ў род.
12 Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, - племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе.
13 Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых;
14 з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі:
15 Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям.
16 Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла.
17 Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю.
18 Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную,
19 што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх.
20 Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша;
21 Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся.
22 Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.