ПАСЛАНЬНЕ ДА ПІЛІПЯНАЎ
Плп 1
1 Павал і Цімафей, рабы Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што жывуць у Піліпах, зь япіскапамі і дыяканамі:
2 мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Дзякую Богу майму кожны раз, як згадваю вас,
4 заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю молячыся,
5 за ваш удзел у зьвеставаньні зь першага дня аж да сёньня,
6 упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста,
7 як і трэба мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы ў кайданах маіх, і ў абароне і ў сьцьверджаньні зьвеставаньня, вас усіх, як супольнікаў маіх у мілаце.
8 Бог - сьведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста;
9 і малюся за тое, каб любоў ваша яшчэ больш узрастала ў спазнаньні і ўсякім досьведзе,
10 каб, спазнаючы лепшае, вы былі чыстыя і неспатыкнёныя ў дзень Хрыста,
11 поўныя пладоў праведнасьці празь Ісуса Хрыста, на славу і хвалу Божую.
12 Жадаю, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня,
13 так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй праторыі і ўсім астатнім,
14 і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.
15 Некаторыя, праўда, з зайздрасьці альбо зь перакорлівасьці, а іншыя з добрай прыхільнасьці прапаведуюць Хрыста:
16 адны зь перакорлівасьці прапаведуюць Хрыста ня чыста, думаючы пабольшыць цяжар кайданоў маіх;
17 а другія - зь любові, ведаючы, што я пастаўлены бараніць зьвеставаньне.
18 Але што да таго? Як бы ні прапаведавалі Хрыста, ці дзеля блізіру, а ці шчыра, я і таму радуюся і буду радавацца,
19 бо ведаю, што гэта паслужыць мне на збавеньне дзякуючы вашай малітве і садзеяньню Духа Ісуса Хрыста,
20 пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю.
21 Бо для мяне жыцьцё - Хрыстос, і сьмерць - набытак.
22 А калі жыцьцё ў плоці дае плод маёй дзеі, дык ня ведаю, што выбраць.
23 Вабіць мяне і тое і другое: хочацца і разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта непараўнальна лепей;
24 а заставацца ў плоці больш патрэбна вам:
25 і я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры,
26 каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася празь мяне, пры маім другім да вас прыходзе.
27 Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця,
28 і не баіцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам - выратаваньня. І гэта ад Бога;
29 бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго.
30 Такім самым подзьвігам, які вы бачылі ўва мне і сёньня чуеце пра мяне.