Эзд 7
1 Пасьля гэтых падзей, падчас валадараньня Артаксэркса, цара Персідскага, Эздра, сын Сэраі, сын Азарыі, сын Хэлкіі,
2 сын Шалума, сын Садока, сын Ахітува,
3 сын Амарыі, сын Азарыі, сын Мараёта,
4 сын Захара, сын Узія, сын Букія,
5 сын Авішуя, сын Фінээса, сын Элеазара, сын Аарона першасьвятара,
6 гэты Эздра выйшаў з Вавілона. Ён быў кніжнік, які ведаў закон Майсееў, які даў Гасподзь Бог Ізраілеў. І даў яму цар усё паводле жаданьня ягонага, бо рука Госпада Бога ягонага была над ім.
7 Зь ім пайшлі ў Ерусалім і некаторыя сыны Ізраілевыя і сьвятары і лявіты, і сьпевакі і брамнікі і нэтынэі на сёмым годзе цара Артаксэркса
8 І прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц, - у сёмы год цара.
9 Бо ў першы дзень першага месяца быў пачатак выхаду з Вавілона, і ў першы дзень пятнаццатага месяца ён прыйшоў у Ерусалім, бо дабрадзейная рука Бога ягонага была над ім,
10 бо Эздра прыхіліў сэрца сваё да таго, каб вывучаць закон Гасподні і выконваць яго, і вучыць у Ізраілі закону і праўдзе.
11 І вось зьмест пісьма, якое даў цар Артаксэркс Эздру сьвятару, кніжніку, які вучыў словам запаведзяў Госпада і законаў Яго ў Ізраілі:
12 Артаксэркс, цар цароў, Эздру сьвятару, выкладчыку закона Бога нябеснага дасканаламу і іншае.
13 Мною дадзены загад, каб у царстве маім кожны з народу Ізраілевага і сьвятароў яго і лявітаў, хто жадае ісьці ў Ерусалім, ішоў з табою.
14 Як што ты пасылаешся ад цара і сямі радцаў ягоных, каб агледзець Юдэю і Ерусалім па Бога твайго законе, што ў тваёй руцэ,
15 і каб даставіць срэбра і золата, якое цар і радцы ягоныя ахвяравалі Богу Ізраілеваму, жытло якога ў Ерусаліме,
16 і ўсё срэбра і золата, якое ты зьбярэш ва ўсёй вобласьці Вавілонскай, разам з дабрахотнымі дарамі ад народу і сьвятароў, якія заахвяруюць яны на дом Бога свайго, што ў Ерусаліме;
17 таму не адкладваючы купі на гэтыя грошы валоў, бараноў, і ягнят, і хлебных прынашэньняў да іх і выліваньняў для іх, і прынясі іх на ахвярнік дома Бога вашага ў Ерусаліме.
18 І што ты і браты твае за добрае мецьмеце зрабіць з астатняга срэбра і золата, тое па волі Бога вашага і рабеце.
19 І посуд, які дадзены табе дзеля службы ў доме Бога твайго, пастаў перад Богам Ерусалімскім.
20 І іншае патрэбнае для дома Бога твайго, што ты прызнаеш патрэбным, давай з дома царскіх скарбаў.
21 І ад мяне цара Артаксэркса робіцца загад усім скарбоўцам, якія за ракою: усё, чаго запатрабуе ад вас Эздра сьвятар, настаўнік закона Бога нябеснага, не адкладваючы давайце:
22 срэбра да ста талантаў, і пшаніцы да ста кораў, і віна да ста батаў, і да ста ж батаў алею, а солі не абмяжоўваючы.
23 Усё, што загадана Богам нябесным, павінна рабіцца рупліва для дома Бога нябеснага, каб ня было гневу Яго на царства, цара і сыноў ягоных.
24 І даём вам знак, каб ні на кога зь сьвятароў альбо лявітаў, сьпевакоў, брамнікаў нэтынэяў і служак пры гэтым доме Божым, не накладваць ні падатку, ні налогу, ні мыты.
25 А ты, Эздра, па мудрасьці Бога твайго, якая ў руцэ тваёй, пастаў кіроўцаў і судзьдзяў, каб яны судзілі ўвесь народ за ракою, - усіх знаўцаў законаў Бога твайго, а хто ня ведае, тых вучэце.
26 А хто ня будзе выконваць закона Бога твайго і закона цара, над тым не адкладваючы хай чыняць суд, ці тое на сьмерць, ці тое на выгнаньне альбо на грашовую даніну, альбо на ўвязьненьне ў цямніцу.
27 Дабраславёны Гасподзь Бог бацькоў нашых, Які ўклаў у сэрца цара - упрыгожыць дом Гасподні, які ў Ерусаліме,
28 і схіліў мяне на міласьць цара і радцаў ягоных, і ўсіх магутных князёў цара! І я падбадзёрыўся, бо рука Госпада Бога майго была над мною, і сабраў я ўзначальнікаў Ізраіля, каб яны пайшлі са мною.