Адкр 16
1 І пачуў я голас вялікі з бажніцы, які казаў да сямі анёлаў: «Ідзіце і выліце чары ярасьці Божай на зямлю».
2 І пайшоў першы, і выліў чару сваю на зямлю, і сталіся благія і балючыя скулы ў людзей, якія мелі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму.
3 І другі анёл выліў чару сваю ў мора, і сталася кроў, быццам мёртвага, і ўсякая душа жывая памерла ў моры.
4 І трэці анёл выліў чару сваю ў рэкі і крыніцы водаў, і сталася кроў.
5 І пачуў я анёла водаў, які казаў: «Праведны Ты, Госпадзе, Які ёсьць, і Які быў, і Сьвяты, што прысудзіў гэтак,
6 бо кроў сьвятых і прарокаў яны вылілі, і кроў Ты даў ім піць, бо яны вартыя гэтага».
7 І пачуў я іншага, які казаў з ахвярніку: «Так, Госпадзе, Божа Ўсеўладны, слушныя і праведныя суды Твае».
8 І чацьвёрты анёл выліў чару сваю на сонца, і дадзена яму паліць людзей у агні.
9 І паліла людзей вялікая сьпёка, і блюзьнілі яны на імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, каб даці Яму славу.
10 І пяты анёл выліў чару сваю на пасад зьвера, і сталася, што валадарства ягонае зацемрылася, і яны кусалі языкі свае ад болю
11 і блюзьнілі на Бога Нябеснага дзеля болю свайго і скулаў сваіх, і не навярнуліся ад справаў сваіх.
12 І шосты анёл выліў чару сваю ў вялікую раку Эўфрат, і высахла вада ў ёй, каб падрыхтаваны быў шлях для валадароў, што ад усходу сонца.
13 І ўбачыў я: з вуснаў цмока, і з вуснаў зьвера, і з вуснаў фальшывага прарока — тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў,
14 бо гэта — духі дэманаў, якія чыняць знакі, якія зыходзяць на валадароў зямлі і ўсяго сусьвету, каб сабраць іх на вайну ў той дзень вялікі Бога Ўсеўладнага.
15 «Вось, прыходжу, як злодзей. Шчасьлівы той, які чувае і захоўвае адзеньне сваё, каб не хадзіць яму голым, і каб ня бачылі непрыстойнасьці ягонай».
16 І сабраў ён іх у месцы, якое па-гебрайску называецца Армагедон.
17 І сёмы анёл выліў чару сваю на паветра, і выйшаў голас вялікі з бажніцы нябеснай, ад пасаду, які казаў: «Сталася!»
18 І сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус стаўся вялікі, якога ня было ад [часоў], як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткі землятрус! Такі вялікі!
19 І распаўся горад вялікі на тры часткі, і гарады паганаў заваліліся; і Бабілон вялікі быў узгаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна ярасьці гневу Ягонага.
20 І кожны востраў уцёк, і гары не знайшлося.
21 І град вялікі, як таленты, зыйшоў з неба на людзей, і блюзьнілі людзі на Бога за плягу граду, бо вельмі вялікая была пляга гэтая.