ДРУГАЯ КНІГА ЦАРСТВАЎ
2 Цар 1
Пасьля сьмерці Саўла, калі Давід вярнуўся ад разгрому Амалікіцянаў і прабыў у Сэкелагу два дні,
вось, на трэці дзень прыходзіць чалавек з табара Саўлавага: вопратка на ім падраная і пыл на галаве ягонай. Прыйшоўшы да Давіда, ён упаў на зямлю і пакланіўся.
І сказаў яму Давід: адкуль ты прыйшоў? І сказаў той: я ўцёк з табара Ізраільскага.
І сказаў яму Давід: што адбылося? раскажы мне. І той сказаў: люд пабег зь бітвы, і мноства зь люду ўпала і памерла, і памерлі і Саўл і сын ягоны Ёнатан.
І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: як ты ведаеш, што Саўл і сын яго Ёнатан памерлі?
і сказаў хлопец, які расказваў Яму: я выпадкова прыйшоў на гару Гэлвуйскую, і вось, Саўл упаў на сваю дзіду, а калясьніцы і верхаўцы даганялі яго.
Тады ён азірнуўся назад і, угледзеўшы мяне, паклікаў мяне.
І я сказаў: вось я. Ён сказаў мне: хто ты? І я сказаў яму: я - Амалікіцянін.
Тады ён сказаў мне: падыдзі да мяне і забі мяне, бо скруха сьмяротная агарнула мяне, душа мая ўсё яшчэ ўва мне.
10 І я падышоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жывы пасьля свайго падзеньня; і ўзяў я вянок, які быў на галаве ў яго, і запясьце, якое было на руцэ ў яго, і прынёс іх гаспадару майму сюды.
11 Тады схапіў Давід вопратку сваю і падраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі зь ім,
12 і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Ёнатана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, што загінулі яны ад меча.
13 І сказаў Давід хлопцу, які расказваў яму: адкуль ты? і сказаў той: я - сын прыхадня Амалікіцяніна.
14 Тады Давід сказаў яму: як не пабаяўся ты падняць руку, каб забіць памазанца Гасподняга?
15 І паклікаў Давід аднаго хлопца і сказаў яму: падыдзі, забі яго. І той забіў яго, і ён памёр.
16 І сказаў яму Давід: кроў твая на галаве тваёй, бо твае вусны сьведчылі на цябе, калі ты казаў: я забіў памазанца Гасподняга.
17 І аплакаў Давід Саўла і сына ягонага Ёнатана гэтаю плачнаю песьняю
18 і загадаў навучыць сыноў Юдавых луку, як напісана ў кнізе праведнага, і сказаў:
19 краса твая, о Ізраіле, разьбітая на вышынях тваіх! як загінулі моцныя!
20 Не расказвайце ў Гэце, не абвяшчайце на вуліцах Аскалона, каб ня радаваліся дочкі Філістымлянаў, каб не весяліліся дочкі неабрэзаных.
21 Горы Гэлвуйскія! ні раса, ні дождж на вас, хай ня будзе на вас палёў з пладамі, бо там павалены шчыт моцных, шчыт Саўла, як бы ня быў ён памазаны алеем.
22 Бяз крыві параненых, бяз тлушчу моцных лук Ёнатана не вяртаўся назад, і меч Саўлаў не вяртаўся марна.
23 Саўл і Ёнатан, любасныя і згодныя ў жыцьці сваім, не разлучыліся і ў сьмерці сваёй; імклівейшыя за арлоў, дужэйшыя за львоў яны былі.
24 Дочкі Ізраільскія! плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру з акрасамі і здабываў на вопратку вашую залатыя аздобы.
25 Як загінулі моцныя ў бітве! Забіты Ёнатан на вышынях тваіх.
26 Смуткую па табе, браце мой Ёнатане; ты быў вельмі дарагі мне; любоў твая была мне вышэйшая за любоў жаночую.
27 Як загінулі моцныя, загінула зброя баявая!