КНІГА ПРАРОКА АСІІ
Ас 1
Слова Гасподняе, якое было да Асіі, сына Бээрыінавага, у дні Азіі, Ёатама, Ахаза, Эзэкіі, цароў Юдэйскіх, і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага.
Пачатак слова Гасподняга Асію. І сказаў Гасподзь Асію: «ідзі, вазьмі сабе жонку блудніцу і дзяцей блуду; бо моцна блудадзеіць зямля гэтая, адступіўшыся ад Госпада».
І пайшоў ён і ўзяў Гомер, дачку Дыўлаіма; і яна зачала і нарадзіла яму сына.
І Гасподзь сказаў яму: «дай яму імя Ізрэель, бо яшчэ крыху пройдзе, і Я спаганю кроў Ізраіля з дому Іуевага і пакладу канец царству дому Ізраілевага,
і будзе ў той дзень, Я зламаю лук Ізраілеў у даліне Ізрэель».
І зачала яшчэ і нарадзіла дачку, і Ён сказаў яму: «дай ёй імя Ларухама; бо я ўжо ня буду больш літаваць дому Ізраілевага, каб дараваць ім.
І дом Юдаў умілажалю і ўратую іх у Госпадзе Богу іхнім, уратую іх ня лукам, ня мечам, не вайною, ня конямі і вершнікамі».
І выкарміўшы грудзьмі Непамілаваную, яна зачала і нарадзіла сына.
І сказаў Ён: «дай яму імя Лаамі, бо вы - ня Мой народ, і Я ня буду вашым Богам.
10 Але будзе лік сыноў Ізраілевых як пясок марскі, якога нельга ні вымераць, ні палічыць; і там, дзе казалі ім: вы ня Мой народ, будуць казаць ім: вы сыны Бога жывога.
11 І зьбяруцца сыны Юдавыя і сыны Ізраілевыя разам і паставяць сабе адну галаву і выйдуць зь зямлі перасяленьня; бо вялікі дзень Ізрэеля!