1 Цім 2
1 І вось, перш-наперш прашу ўзносіць малітвы, прашэньні, маленьні, падзякаваньні за ўсіх людзей,
2 за цароў і за ўсіх уладцаў, каб нам весьці жыцьцё ціхае і маўклівае ў богабаязнай пабожнасьці і чысьціні;
3 бо гэта добра і даспадобы Збаўцу нашаму Богу,
4 Які хоча, каб усе людзі ўратаваліся і дасягнулі спазнаньня ісьціны.
5 Бо адзіны Бог, адзіны і пасрэднік паміж Богам і людзьмі, Чалавек Хрыстос Ісус,
6 Які аддаў Сябе на адкупленьне ўсіх: такое было ў свой час сьведчаньне,
7 дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам і апосталам - праўду кажу ў Хрысьце, не маню, - настаўнікам язычнікаў у веры і праўдзе.
8 І вось жадаю, каб на ўсякім месцы казалі малітвы мужчыны, узносячы чыстыя рукі бяз гневу і сумненьня;
9 каб гэтак сама і жанчыны, у прыстойнай вопратцы, сарамяжліва і цнатліва, упрыгожвалі сябе не заплятаньнем валасоў, ні золатам, ні жэмчугам, ні каляровымі строямі,
10 а добрымі справамі, як прыстойна жанчынам, што прысьвячаюць сябе пабожнасьці.
11 Жанчына хай вучыцца маўкліва, у вялікай пакоры;
12 а вучыць жанчыне не дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, а быць у маўклівасьці.
13 Бо раней створаны Адам, а потым Ева;
14 і не Адам зваблены, а жонка, звабіўшыся, пераступіла закон;
15 аднак жа ўратуецца празь дзетародства, калі застанецца ў веры і любові і ў сьвятасьці з цнотаю.