КНІГА ПРЫПОВЕСЬЦЯЎ
Разьдзел 1
Прыповесьці Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля,
каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму,
каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці.
каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць.
Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі,
каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія.
Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
Сыне мой, паслухай перасьцярогаў бацькі свайго і не адкідай павучаньняў маці сваёй,
бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя каралі на шыі тваёй.
10  Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх.
11  Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця крыві; наставім без прычыны пастку на нявіннага;
12  праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу;
13  знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю.
14  Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх».
15  Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу сваю ад сьцежкі іхняй,
16  бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві.
17  Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго птаства.
18  А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы? сваёй.
19  Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу таго, хто завалодае ім.
20  Мудрасьць гукае на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой,
21  на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы:
22  «Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем?
23  Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае.
24  Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі.
25  Вы ўзгардзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае.
26  Дык і я буду сьмяяцца з вашага падзеньня, і насьмяхацца буду, калі прыйдзе на вас жах.
27  Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхор, калі прыйдуць на вас трывога і гора,
28  тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, шукаць мяне будуць, і ня знойдуць мяне.
29  Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху ГОСПАДАВА,
30  і не пайшлі за маімі парадамі, і ўзгардзілі маімі перасьцярогамі.
31  Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі.
32  Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх.
33  А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла».