КНІГА ЭКЛЕЗІЯСТА
Экл 1
1 Слова Эклезіяста, сына Давідавага, цара ў Ерусаліме.
2 Пустая марнасьць сказаў Эклезіяст, пустая марнасьць, - усё марнасьць!
3 Якая карысьць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?
4 Пакаленьне прыходзіць, і пакаленьне праходзіць, а зямля векавечна стаіць.
5 Сонца ўзыходзіць, і сонца заходзіць і сьпяшаецца ў месца сваё, дзе ўстае.
6 Вее вецер на поўдзень і на поўнач вяртаецца, віруе, віхурыцца веючы, і на шлях віраваньня вяртаецца вецер.
7 Рэкі ўсе ў мора плывуць, а мора не перапаўняецца; да месца таго, адкуль рэкі плывуць, вяртаюцца зноў, каб далей пацячы.
8 Усё існае - поўніцца працай; ня можа ўсяго чалавек пакласьці на словы: не насыціцца бачаньнем вока; не напоўніцца слуханьнем вуха.
9 Што было, тое і будзе; што рабілася, тое й рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма.
10 Бывае такое, пра што людзі кажуць: «Дзівіся, вось гэта новае»; але яно ўжо было спрадвеку, да нас.
11 Няма памяці пра былое; ды і пра тое, што будзе, не застанецца згадкі між тымі, што прыйдуць пасьля.
12 Я, Эклезіяст, быў царом над Ізраілем у Ерусаліме.
13 І паклаў я на сэрца помысел мой, каб шукаць і дасьледаваць мудрасьцю ўсё, што пад небам робіцца: гэты прыкры занятак даў Бог сынам чалавечым, каб кіраваліся ім.
14 Я ўсе дзеі пабачыў, якія пад сонцам чыняцца, і вось, усё - марнасьць і пагоня за ветрам!
15 Крывое ня выпрастаецца, і чаго няма, таго нельга зьлічыць.
16 Гаварыў я з сэрцам маім і сказаў: вось, узьвялічыўся я і здабыў мудрасьці болей за ўсіх, што былі да мяне над Ерусалімам, і сэрца маё шмат нагледзела мудрасьці ўсякай і ведаў.
17 І паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць уведаць, спасьцігнуць шаленства і неразумнасьць; спазнаў, што і гэта - пагоня за ветрам.
18 Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль.