2 Лет 10
1 І пайшоў Раваам у Сіхем, бо ў Сіхем сышліся ўсе Ізраільцяне, каб паставіць яго царом.
2 Калі дачуўся пра гэта Ераваам, сын Наватаў, - ён быў у Егіпце, куды ўцёк ад цара Саламона, - дык вярнуўся Ераваам зь Егіпта.
3 І паслалі і клікалі яго; і прыйшоў Ераваам і ўвесь Ізраіль, і казалі Еравааму так:
4 бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо; але ты паслабі жорсткую працу бацькі твайго і цяжкае ярмо, якое ён наклаў на нас, і мы будзем служыць табе.
5 І сказаў ім Раваам; праз тры дні прыйдзеце зноў да мяне. І разышоўся народ.
6 І раіўся цар Раваам са старэйшынамі, якія стаялі перад тварам Саламона, бацькі ягонага, пры жыцьці ягоным, і казаў: як вы параіце адказваць народу гэтаму?
7 Яны сказалі яму: калі ты будзеш добры да народу гэтага і дагодзіш ім і будзеш гаварыць зь імі ласкава, дык яны будуць табе рабамі на ўсе дні.
8 Але ён адкінуў параду старэйшын, якую яны давалі яму, і пачаў раіцца зь людзьмі маладымі, якія вырасьлі разам зь ім, якія стаялі перад тварам ягоным;
9 і сказаў ім: што вы параіце мне адказваць народу гэтаму, які казаў мне так: паслабі ярмо, якое наклаў на нас бацька твой?
10 І казалі яму маладыя людзі, якія вырасьлі разам зь ім, і сказалі: бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нам, - так скажы ім: мезенец мой таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго.
11 Бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я павялічу ярмо вашае, бацька мой караў вас бізунамі, а я буду скарпіёнамі.
12 І прыйшоў Ераваам і ўвесь народ да Раваама на трэці дзень, як загадаў цар, сказаўшы: прыйдзеце да мяне зноў праз тры дні.
13 Тады цар адказваў ім сурова, бо пакінуў цар Раваам параду старэйшын, і казаў ім па парадзе маладых людзей так:
14 бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а Я павялічу яго; бацька мой караў вас бізунамі, а я буду скарпіёнамі.
15 І не паслухаўся цар народу, бо так уладжана было ад Бога, каб спраўдзіць Госпаду слова Сваё, якое прамовіў ён праз Ахію Сіламляніна Еравааму, сыну Наватаваму.
16 Калі ўвесь Ізраіль убачыў, што ня слухае яго цар, дык адказваў народ цару, кажучы: якая нам доля ў Давідзе? няма нам долі ў сыне Есэевым; па намётах сваіх, Ізраіль, цяпер ведай свой дом, Давідзе. І разышліся ўсе Ізраільцяне па намётах сваіх.
17 Толькі над сынамі Ізраілевымі, якія жылі ў гарадах Юдавых, застаўся царом Раваам.
18 І паслаў цар Раваам Аданірама, начальніка над зборам даніны, і закідалі яго сыны Ізраілевыя камянямі, і ён памёр. А цар Раваам пасьпяшаўся сесьці на калясьніцу, каб уцячы ў Ерусалім.
19 Так адасобіліся Ізраільцяне ад дома Давідавага да сёньня.